Як выканаць мары выхаванцаў абласнога Дома дзіцяці, ведае старшыня аблсавета Дзмітрый Дзямідаў
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў сёння выступіў у ролі Дзеда Мароза і ажыццявіў мары выхаванцаў Віцебскага абласнога спецыялізаванага Дома дзіцяці. Такое амплуа кіраўнік дэпутацкага корпуса змог прымерыць на сябе дзякуючы дабрачыннай кампаніі Беларускага Чырвонага Крыжа «Ёлка жаданняў».
– Традыцыйная акцыя «Ёлка жаданняў» дае магчымасць аказаць дапамогу і падзяліцца навагоднім настроем з дзецьмі. І нягледзячы на тое, што дзяржава робіць усё магчымае, каб малыя былі дагледжаны, накормлены і ні ў чым не мелі патрэбы, усё ж кожнаму дзіцяці патрэбна больш чалавечага цяпла, увагі і ўдзелу, асабліва ў перадсвяточныя дні, – адзначыў Дзмітрый Дзямідаў. – Выдатна, што ў дабрачыннай кампаніі прымае ўдзел шмат валанцёраў, якія ў свой вольны час займаюцца высакароднай справай.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса разам са сваім памочнікам Мікалаем Раманоўскім купіў падарункі для пяцярых выхаванцаў абласнога спецыялізаванага Дома дзіцяці – Жэні, які прасіў у Дзеда Мароза тактыльную кнігу, Мішы, які пажадаў убачыць на Новы год пад ёлкай новыя сандалікі, Максіма, Сямёна і Евы, якія заказалі цацкі.