У Гарадоцкім раёне перапахавалі астанкі пяці воінаў-вызваліцеляў
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў прыехаў на Гарадоччыну, каб разам з мясцовымі жыхарамі ўшанаваць памяць воінаў-вызваліцеляў, астанкі якіх выявілі пошукавікі.
Урачыстая цырымонія перапахавання прайшла на мемарыяльным комплексе ў вёсцы Халамер'е. Там знайшлі свой апошні прытулак пяць вайскоўцаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай. Іх астанкі ў жніўні выявілі прадстаўнікі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і пошукавай групы «Бацькаўшчына», якія праводзілі работы на Гарадоччыне ў раёне вёскі Лапцеўка Віроўлянскага сельсавета. На жаль, імёны загінулых устанавіць не ўдалося.
У мерапрыемстве ў Халамер'і прынялі ўдзел прадстаўнікі абласной і раённай улады, працоўных калектываў, пошукавікі, моладзь.
— Больш за 80 гадоў прайшло з моманту вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але штогод падчас пошукавых работ на месцах баявых дзеянняў выяўляюцца астанкі чырвонаармейцаў, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне Радзімы. Дзякуючы іх подзвігам мы сёння жывём у свабоднай краіне пад мірным небам, выхоўваем дзяцей і працуем на карысць Беларусі. Наш агульначалавечы і хрысціянскі абавязак – належным чынам аддаць астанкі байцоў зямлі, — сказаў Дзмітрый Дзямідаў. — У пошукавую дзейнасць уключана вялікая колькасць людзей, пачынаючы ад валанцёраў і заканчваючы адпаведнымі падраздзяленнямі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, іншых сілавых ведамстваў. Таксама вялікая работа праводзіцца з архіўнымі дакументамі. Стаіць задача не толькі захаваць памяць аб нашых продкаў-героях, але і перадаць гэтыя павагу і падзяку падрастаючым пакаленням. Толькі такім чынам можна не дапусціць новай вайны.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by