У цэнтры ўвагі – дзеці!
З 19 жніўня ў рэспубліцы стартуе інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія МНС «У цэнтры ўвагі – дзеці!» і працягнецца яна да 13 верасня. Мэта кампаніі – прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей ад знешніх прычын, у тым ліку ад пажараў з прычыны пакідання іх без нагляду.
Першы этап пройдзе з 19 па 30 жніўня. Такі перыяд для старту кампаніі выбраны невыпадкова: у апошнюю дэкаду жніўня для бацькоў і іх дзяцей надыходзіць гарачая пара – завяршэнне падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Менавіта таму асноўнай мэтавай аўдыторыяй, з якой актыўна будуць працаваць ратавальнікі, стануць бацькі, а месцамі для зносін з імі стануць гандлёвыя пляцоўкі і месцы, у якіх рэалізуюцца дзіцячыя тавары (школьныя базары, кірмашы). Да прыкладу, у аддзелах з дзіцячым адзеннем у буйных гандлёвых цэнтрах і іншых аб'ектах гандлю на манекенах і вешалках з'явяцца камплекты дзіцячага баявога адзення ратавальніка, у аддзелах канцылярскіх прылад – вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Уся атрыбутыка будзе суправаджацца інфармацыйным носьбітам, на якім будзе вісець бірка са слоганам «Для дзяцей, пакінутых без нагляду». У якасці экспертаў можна будзе сустрэць работнікаў МНС, якія раскажуць аб правілах бяспечных паводзін, дапамогуць набыць не толькі школьныя прыналежнасці, але і каштоўны багаж ведаў, а ў якасці прыемнага бонуса – уручаць кожнаму яркія брашуры, буклеты, памяткі і «Парады ад МНС бацькам і дзецям».
Бацькі і дзеці, прыходзячы за школьнай формай і канцылярскімі таварамі, таксама змогуць праверыць свае веды па правілах бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці. Работнікі МНС прапануюць дзецям здаць «Экзамен па бяспецы», што актуальна ў пачатку навучальнага года.
Другі этап працягнецца з 2 па 13 верасня. Пляцоўкамі правядзення мерапрыемстваў стануць установы першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Ратавальнікі наведаюць святочныя лінейкі, а таксама правядуць з дзецьмі тэматычныя «Урокі бяспекі».
Таксама, работнікі МНС прымуць удзел у правядзенні бацькоўскіх сходаў, на якіх асаблівая ўвага будзе акцэнтавана на забеспячэнні бяспечных умоў пражывання для дзяцей, навучанні іх правілах бяспечных паводзін дома і на вуліцы, а таксама ў інтэрактыўным фармаце бацькам напомняць правілы прымянення вогнетушыцеля і алгарытмы аказання першай дапамогі.
Далучайцеся да кампаніі і зрабіце гэты перыяд для сваіх дзяцей шчаслівым і бяспечным!
Крыніца: vitebsk-region.gov.by