Члены Камуністычнай партыі Беларусі ўсклалі кветкі да помніка Леніну ў Віцебску
У дзень нараджэння Уладзіміра Леніна члены Камуністычнай партыі Беларусі ўшанавалі яго памяць на аднайменнай плошчы ў Віцебску і ўсклалі кветкі да помніка правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Гісторыя сведчыць, што ідэі і рашучыя дзеянні расійскага рэвалюцыянера змаглі аб'яднаць народы, праклаўшы шлях да стварэння першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы, дзе словы «сяброўства», «справядлівасць» і «праца» сталі асновай палітыкі. Яго ідэі натхнілі многія народы на пераадоленне цяжкасцей і прывялі СССР да магутных прарываў у эканоміцы і перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.
– Сённяшні дзень памяці стаў для віцебскіх камуністаў і нагодай абмеркаваць надзённыя справы партыі, – адзначыў першы сакратар Віцебскай абласной арганізацыі КПБ Артур Церашкоў. – У цяперашні час першачарговай задачай з'яўляецца прыцягненне ў нашы шэрагі моладзі. У гэтым напрамку вядзецца актыўная праца, нашы ідэі адгукаюцца ў юных сэрцах і прыводзяць новых аднадумцаў. Чым больш нас будзе, тым лепш партыя будзе выконваць пастаўленыя задачы.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by