Кіраўніцтва Віцебскай вобласці праверыла падрыхтоўку асноўных аб'ектаў да Форуму рэгіёнаў
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў і старшыня гарвыканкама Генадзь Сабыніч пасля таго, як папрацавалі на суботніку, наведалі найбольш значныя будаўнічыя аб'екты горада.
Сярод першых - будпляцоўка хірургічнага корпуса Віцебскай абласной бальніцы. Гэты праект, хоць і не ў ліку заяўленых да Форуму рэгіёнаў, але з'яўляецца самым маштабным і сацыяльна значным для паўночнага рэгіёну Беларусі.
Працоўная група таксама пабывала ў Віцебскім аэрапорце, ацаніла ход работ па рэканструкцыі плошчы Перамогі, канцэртнай залы "Віцебск", Летняга амфітэатра і гасцініцы "Віцебск".
Аляксандр Субоцін, распавядаючы пра ступень гатоўнасці гасцініцы, адзначыў, што ўсе работы праводзяцца згодна з тэрмінамі, якія ўлады вобласці і горада раней намяцілі.
- Паспяваем, але працэс ідзе сціснута. Паводле планаў, аб'ект павінны былі зрабіць за паўтара года, а мы хочам паспяваць за 6-7 месяцаў. Таму і людзей больш прыцягваем, і працу арганізавалі ў некалькі змен.
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ў Віцебску цяпер шмат будаўнічых аб'ектаў. Кожны з іх патрабуе ўвагі і вырашэння дадатковых пытанняў, неўлічаных як пры праектаванні, так і пры непасрэдным пачатку работ. Але нават нягледзячы на некаторыя моманты, кіраўнік вобласці ўпэўнены, што да Форуму рэгіёнаў Віцебск будзе падрыхтаваны ў поўнай меры.
- Форум - гэта свята і грандыёзнае падзея для нашага выдатнага горада і для Саюзнай дзяржавы. Ён стане адпраўной кропкай для далейшага развіцця, навядзення парадку больш інтэнсіўным тэмпам. Мы абавязкова зробім Віцебск лепшым, прыгажэйшым і ўтульнейшым.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by