Дзмітрый Дзямідаў: «Па тым, як вырашаюцца пытанні ЖКГ, людзі судзяць аб працы ўлады»
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў правёў прыём грамадзян у Віцебску.
Лакацыяй сустрэчы кіраўніка дэпутацкага корпуса вобласці, старшыні Віцебскага гарвыканкама Генадзя Сабыніча, кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Яўгена Семянёнычава стала ЖЭУ-22. Пасля працоўнага дня месца сустрэчы самае што ні на ёсць прыдатнае: усе дарогі вядуць у камунальную службу. А нагодаў для зваротаў грамадзян узнікае шмат: бягучы рамонт, спраўнасць інжынерных сетак, затапленне сутарэнняў, прахудылыя дахі і стыкі сценавых панэляў. Раней востра стаяла пытанне з вывазам цвёрдых камунальных адходаў, апошнім часам напал гэтай гарадской праблемы спаў.
З усёй колькасці «камунальных» скаргаў і зваротаў, што паступаюць у 11 наяўных жыллёва-эксплуатацыйных участкаў у абласным цэнтры, 15% прыпадае на ЖЭУ-22.
Такую інфармацыю агучыў кіраўнік ЖРЭТА г. Віцебска Аляксандр Дабатоўкін.
– Такія праблемы характэрны не толькі для жыхароў гэтага ўчастка, але ў той ці іншай ступені для ўсіх гараджан. А паколькі ЖЭУ-22 – адно з самых буйных, вырашана тут арганізаваць сустрэчу з людзьмі, – падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.
Усяго запісаліся і прыйшлі на прыём больш за дзесяць чалавек.
- Па тым, як вырашаюцца пытанні ЖКГ, людзі судзяць аб рабоце ўлады, - канстатаваў Дзмітрый Дзямідаў. - Такія прыёмы будзем практыкаваць, яны даюць зрэз тых праблем, якія хвалююць грамадзян.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by