З 1 ліпеня ў Беларусі зменіцца парадак атрымання пенсій і дапамог
Толькі праз банк будуць выплачваць пенсіі грамадзянам ва ўзросце да 70 гадоў, за выключэннем інвалідаў I і II груп, якія пражываюць у Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах. Таксама толькі праз банк будуць выплачваць прызначаныя ўпраўленнямі сацыяльнай абароны дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей.
– Атрымальнікам дапамогі, якія маюць інваліднасць I і II груп, грамадзянам старэйшыя за 70 гадоў і атрымальнікам дапамогі, у сям'і якіх выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў, прадастаўлена права выбару: атрымліваць дапамогу праз банк альбо пошту, – патлумачыла першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ірына Галадзюк.
Каб пачаць атрымліваць пенсію або дапамогу праз банк, неабходна не пазней 10 чэрвеня адкрыць у абранай фінансавай установе базавы рахунак.
Гэта магчыма зрабіць у ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк», «Прыёрбанк», «Белаграпрамбанк», «Сбер Банк», «Белгазпрамбанк», «Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі «Белінвестбанк», «Банк Дабрабыт», «Белзнешэканамбанк».
Пры гэтым можна выбраць спосаб атрымання грошай: у касе банка або з выкарыстаннем банкаўскай карткі. Адначасова трэба запоўніць адпаведную заяву.
За даведкамі можна звяртацца па тэлефонах гарачай лініі: 8 (0212) 65-67-32, 65-44-82, 65-93-64, 68-00-75, а таксама ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў або ўпраўленні сацыяльнай абароны адміністрацый раёнаў у Віцебску, дзе пенсіянер (атрымальнік дапамогі) стаіць на ўліку.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by