Подготовку к VII Всебелорусскому народному собранию обсудили в Медиацентре Витебской области

Падрыхтоўку да VII Усебеларускага народнага сходу абмеркавалі ў медыяцэнтры Віцебскай вобласці

Як Віцебская вобласць прымае ўдзел у фарміраванні УНС, як праходзіў адбор кандыдатаў у дэлегаты?

Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі на прэс-канферэнцыі з удзелам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Дзямідава, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марыны Новіцкай, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзіма Гігіна, старшыні Віцебскага абласнога Каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, намесніка старшыні абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Генадзя Ягорава і іншых.

– Мы павінны ўсвядоміць, што сёлета адбудзецца ключавая падзея ў палітычнай сферы нашага грамадства, таму што VII Усебеларускі народны сход будзе гістарычным без усякага перабольшання, – адзначыў Дзмітрый Дзямідаў. – Цяпер фарміруецца склад УНС. Канстытуцыяй і Законам аб УНС вызначаны рэгламент правядзення гэтага мерапрыемства, колькасць і парадак вылучэння кандыдатаў у вышэйшы орган народаўладдзя нашай краіны. Вызначаны стратэгічныя, ключавыя паўнамоцтвы УНС, якія датычацца асноў развіцця нашай краіны, ваеннай дактрыны і нацыянальнай бяспекі, сацыяльна-эканамічнага развіцця. У паўнамоцтвах УНС – адмена любога прававога акта і выданне рашэнняў, абавязковых да выканання любымі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі нашай краіны.

Нагадаю, што ў 1996 годзе прайшоў першы УНС, калі наш лідар Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў яго правядзенне ў няпростай палітычнай сітуацыі, падчас найскладанейшых выпрабаванняў, праз якія давялося праходзіць нашаму народу.

Гісторыя паказвае, што калі б мы згарнулі ў іншым напрамку ў той момант, паддаліся спакусам, якія ішлі з Захаду, ліберальным каштоўнасцям і ідэям, то не захавалі б свой эканамічны, прамысловы патэнцыял, як гэта здарылася з некаторымі краінамі на постсавецкай прасторы. У палітычным, духоўна-маральным плане былі вельмі сур'ёзныя выклікі, вельмі актыўныя былі нацыяналістычныя рухі – на мяжы скочвання да нацызму. Прэзідэнту на той момант вельмі важная была апора людзей, беларускага народа, таму і быў абраны такі шлях рэалізацыі волі народа, сапраўднага народаўладдзя. Абсалютная большасць удзельнікаў I Усебеларускага народнага сходу падтрымала прэзідэнта, і гэтая падтрымка дала Аляксандру Рыгоравічу магчымасць па праву выступаць ад імя народа і быць нашым нацыянальным лідарам, весці краіну па шляху сацыяльнай арыентаванасці.

У рэжыме відэаканферэнцсувязі ўдзельнікі сустрэчы звярнуліся да гістарычных каранёў народнага веча, абмеркавалі ўцягванне моладзі ў будучую працу УНС, удзел грамадскіх арганізацый, у прыватнасці, з чым гатовыя выйсці на форум самыя годныя прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын.

Віцебшчыну на VII Усебеларускім народным сходзе павінны прадставіць 142 дэлегаты.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"

Крыніца: vitebsk-region.gov.by