Председатель областной избирательной комиссии Дмитрий Хома рассказал о предварительных итогах выборов в Витебской области

Старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома распавёў пра папярэднія вынікі выбараў у Віцебскай вобласці

На Прыдзвіншчыне яўка выбаршчыкаў перавысіла 75%, а ў некаторых раёнах склала больш за 80%. Аб папярэдніх выніках выбараў у мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на сустрэчы ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці расказаў старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома.

Электаральнай кампаніі, якая праходзіла па новых правілах, Дзмітрый Хома даў станоўчую ацэнку. Ён падкрэсліў: адзіны дзень галасавання — не беларускае ноу-хау, а практыка, якая ўжываецца ў многіх краінах свету.

— Яго прасцей арганізаваць. З іншага боку, і пэўная электаральная стомленасць выбаршчыкаў назіраецца, калі такія кампаніі праходзяць дастаткова часта, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Вядома, гэты вопыт новы для ўсіх нас. Учора камісіі сутыкнуліся з пэўнымі складанасцямі, ішоў дастаткова складаны і доўгі падлік галасоў. Гэта значыць, час, затрачаны на яго, некалькі павялічыўся. Але для выбаршчыкаў гэта, безумоўна, зручна — у адзін дзень зрабіць свой выбар.

Былі агучаны папярэднія вынікі электаральнай кампаніі. На Віцебшчыне ў спісе па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь было звыш 842 тысяч выбаршчыкаў. З іх прагаласавала 76, 27%. Па выбарах у мясцовыя Саветы яўка ў працэнтных адносінах аказалася крыху ніжэйшай — 75, 63% з больш чым 856 тысяч выбаршчыкаў. Пры гэтым ёсць рэгіёны, дзе актыўнасць насельніцтва аказалася асабліва высокай, — напрыклад, Бешанковіцкі, Дубровенскі раёны. Там яўка перавысіла 80%, паведаміў Дзмітрый Хома.

Нельга не сказаць пра тое, што адказнае стаўленне да свайго грамадзянскага абавязку прадэманстравала моладзь, якая ўдзельнічала ў выбарах упершыню. У нашай вобласці такіх юнакоў і дзяўчат налічваецца звыш 19 тысяч. І больш за 80% з іх прыйшлі галасаваць.

На прэс-канферэнцыі Дзмітрый Хома зачытаў спісы дэпутатаў, выбраных у Палату прадстаўнікоў і абласны Савет. Аднак яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што ўся інфармацыя з'яўляецца папярэдняй. А канчатковыя вынікі выбараў стануць вядомыя, калі адбудзецца пасяджэнне Віцебскай абласной выбарчай камісіі. Яно запланавана на вечар аўторка 27 лютага. Цэнтральная выбарчая камісія павінна падвесці вынікі і аб'яўляць вынікі ў пятніцу.

Па словах Дзмітрыя Хомы, нягледзячы на складанасці, звязаныя з правядзеннем у нашай краіне адзінага дня галасавання, у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў у гэты раз паступіла значна менш зваротаў грамадзян, чым у папярэднія электаральныя кампаніі апошніх гадоў.

— У абласную камісію на дадзены момант паступіла ўсяго дзесяць зваротаў, — растлумачыў ён. — Тры грамадзяніна абскардзілі вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Адзін грамадзянін адстойваў сваё права зарэгістраваць ініцыятыўную групу ў Віцебскім абласным судзе. Суд пакінуў рашэнне абласной выбарчай камісіі ў сіле. Два грамадзяніна абскардзілі рашэнні выбарчых камісій (адзін — акруговай, другі — гарадской) аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты.

Камусьці патрабаваліся тлумачэнні, як можна прагаласаваць па месцы фактычнага пражывання, а не па адрасе рэгістрацыі. Паступалі таксама паведамленні, што выбаршчыкам не дастаўлены паштоўкі з запрашэннем на ўчастак і інфармацыйныя матэрыялы аб кандыдатах у дэпутаты. Але пасля праверкі два факты з трох не пацвердзіліся.

-- Гэта адзінкавыя моманты, якія ніякім чынам на вынікі галасавання ў Віцебскай вобласці не паўплывалі, — падкрэсліў Дзмітрый Хома.

Ён высока ацаніў узровень інфармацыйнага суправаджэння электаральнай кампаніі, актыўнасць СМІ і саміх кандыдатаў у дэпутаты, пераважная большасць якіх скарысталася магчымасцю размясціць свае праграмы на сайтах гар(рай)выканкамаў.

— Думаю, усе грамадзяне мелі поўны доступ да інфармацыі, — адзначыў Дзмітрый Хома. — А заявы асобных выбаршчыкаў, што яны не ведалі, за каго галасаваць, сёння гавораць, можа быць, больш пра нізкую электаральную культуру або нежаданне лепш пазнаць кандыдатаў.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by

Старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома распавёў пра папярэднія вынікі выбараў у Віцебскай вобласці