Аляксандр Субоцін сустрэўся з творчай групай справаздачнага канцэрта «Беларусь – мая песня»
«Гэта было грандыёзнае падзея! Гэта шэдэўр! Вы ў добрым сэнсе здзівілі ўсіх. Чарговы раз гучна і ярка заявілі пра тое, што Віцебшчына багатая талентамі. Пасля такога феерычнага шоў хочацца з гонарам казаць: «Я з Віцебска». Думаю, ніводзін чалавек не пакінуў залу абыякавым», – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін на сустрэчы з творчай групай справаздачнага канцэрта «Беларусь – мая песня», які з аншлагам прайшоў 2 лютага на галоўнай сцэне краіны – у Палацы Рэспублікі.
Кіраўнік вобласці таксама адзначыў, што да гэтага часу атрымлівае водгукі пра выступленне віцябчан, і чарговы раз падзякаваў усім, хто прымаў удзел у гэтай падзеі.
Віцебшчына першай прадстаўляла сваю культуру ў рамках рэспубліканскага конкурсу «Беларусь – мая песня» і задала такую высокую планку, якую цяжка будзе пераадолець іншым абласцям. Рэжысёр канцэрта – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская ў аснову канцэпцыі ўзяла віцебскую батлейку, прызнаную гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Праграма была пабудавана па законах тэатральнага жанру, дзе кожная сцэна «гуляла» на цэльны спектакль, створаны з яркіх танцавальных, вакальных, інструментальных, цыркавых нумароў. Пра тое, як усё будавалася, пра свае перажыванні і эмоцыі падзяліліся на сустрэчы з Аляксандрам Субоціным члены пастановачнай групы і артысты.
Генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» (менавіта гэтай установе былі давераны падрыхтоўка і правядзенне справаздачнага канцэрта) Глеб Лапіцкі ўручыў Аляксандру Субоціну на памяць фотакалаж выступлення віцябчан у Палацы Рэспублікі.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by