Вынікі візіту дэлегацыі кітайскай карпарацыі Beijing Zhaongbai Business Management Co.Ltd абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме
На сустрэчы кіраўніцтва аблвыканкама і кітайскай карпарацыі Beijing Zhaongbai Business Management Co.Ltd («Жаонбай») абмеркаваны вынікі насычанага чатырохдзённага візіту на Віцебшчыну дэлегацыі з Паднябеснай.
У гутарцы з журналістамі намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна адзначыла, што ў рамках візіту кітайскіх партнёраў дасягнуты шэраг дамоўленасцей. Па-першае, падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве IT-сферы з віцебскім інкубатарам малога прадпрымальніцтва «Закон і парадак». Беларускі бок прадаставіць паверх для кітайскіх кампаній і рэжым найбольш спрыяльны. Да 1 сакавіка павінен быць прадастаўлены пакет дакументаў для рэгістрацыі тэхнапарка пад назвай «БелЖаонбай». Пры наведванні Віцебскага дзяржуніверсітэта заключана пагадненне аб фарміраванні навуковага і кадравага патэнцыялу тэхнапарка (раней падобны дакумент падпісаны з Полацкім дзяржуніверсітэтам). Акрамя таго, дэлегацыя пабывала на некалькіх прамысловых прадпрыемствах. У бліжэйшы час будзе сфарміраваны кантэйнер з нашай прадукцыяй, якую карпарацыя «Жаонбай» прадставіць у сваім тэхнапарку для вывучэння попыту кітайскіх спажыўцоў з далейшым стварэннем індустрыяльнай пляцоўкі прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. У асноўным, гэта прадукцыя прадпрыемстваў «Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», якая сёння запатрабавана ў Паднябеснай. Дарэчы, за мінулы год экспарт Віцебскай вобласці ў Кітай вырас у паўтара раза. Мы пастаўляем туды харчовую і нафтахімічную прадукцыю, тканіны, піламатэрыялы, таксама добрым попытам карыстаецца прадукцыя «Дзвінскага бровара» і Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода. Кітайскія партнёры гатовыя аказаць садзейнічанне па пастаўцы абсталявання нашым прадпрыемствам, на якіх цяпер праводзіцца мадэрнізацыя.
Генеральны дырэктар карпарацыі Лей Ма назваў візіт паспяховым і плённым. Госці ўбачылі магутны патэнцыял у прамысловасці і эканоміцы Віцебшчыны. У прыватнасці, ёсць вялікія магчымасці супрацоўніцтва з Аршанскім льнокамбінатам і «Віцьбой», рэальна павялічыць у разы экспарт іх прадукцыі ў Кітай. Лей Ма прызнаўся, што з'язджаць не хочацца, але хутка Свята вясны (кітайскі Новы год), трэба быць з сям'ёй. Пасля свята кітайцы абяцаюць зноў прыехаць для развіцця супрацоўніцтва.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by