Кітайскі IT-паверх з'явіцца ў віцебскім тэхнапарку
Кітайскі IT-паверх з'явіцца ў Віцебскім тэхнапарку. Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута падчас візіту дэлегацыі кітайскай кампаніі Beijing Zhaongbai Business Management Co.Ltd на Віцебшчыну.
Першыя крокі да больш цеснага супрацоўніцтва двух бакоў былі зроблены восенню мінулага года падчас візіту старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна ў Шанхай, дзе праходзіла Кітайская міжнародная выстава імпарту, на якой шырока быў прадстаўлены экспартны патэнцыял нашага рэгіёна. А ў снежні ў Віцебску было падпісана пагадненне аб стварэнні ў Паднябеснай Парка індустрыі Віцебскай вобласці. Як адзначыў тады кіраўнік вобласці, бакі нацэлены не толькі развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, але і рэалізоўваць сумесныя праекты ў сферы высокіх тэхналогій, у навуцы, культуры, як на тэрыторыі Кітая, так і ў нашай вобласці.
Цяперашні візіт кітайскай дэлегацыі з'яўляецца наступным крокам у прасоўванні глабальнага праекта. У прыватнасці, кіраўніцтва кампаніі Beijing Zhaongbai Business Management Co.Ltd падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве з Віцебскім тэхнапаркам «Закон і парадак». Як растлумачыў яго дырэктар Міхаіл Кейзераў, у рамках дамоўленасці прадугледжваецца стратэгічнае партнёрства ў галіне IT-тэхналогій, стварэнне інавацыйных, навукаёмістых прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.
– Беларускі бок у будынку тэхнапарка прадаставіць паверх для кітайскіх IT-кампаній, а таксама рэжым найбольш спрыяльны. Да 1 сакавіка плануецца сабраць поўны пакет дакументаў для рэгістрацыі кампаніі «Бел Джонг Бай», якая будзе прасоўваць сумесныя праекты. Beijing Zhaongbai Business Management Co.Ltd – буйны аператар Шанхайскай зоны развіцця, у кампаніі шмат праектаў, інавацый. У нас ёсць кваліфікаваныя IT-кадры, гатовыя выконваць работы любой складанасці. Праект прадугледжвае занятасць нашых праграмістаў, інвестыцыі, развіццё тэхнапарка. Акрамя таго, кітайцы могуць прадаставіць нам новыя тэхналогіі. Мы таксама дамовіліся аб абменных візітах, навучанні спецыялістаў, правядзенні форумаў і іншых сумесных мерапрыемстваў, – распавёў Міхаіл Кейзераў.
Кіраўнік кітайскай дэлегацыі, генеральны дырэктар Beijing Zhaongbai Business Management Co.Ltd спадар Лей Ма адзначыў, што ён трэці раз у Віцебску і змог ацаніць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва, перш за ўсё ў галіне лічбавай эканомікі. На першым этапе інвестыцыі ў праект складуць каля 2 млн долараў.
Дарэчы, аналагічны парк у Шанхаі мае намер прадаставіць плошчы для паўсотні прадпрыемстваў, а таксама аказваць маркетынгавыя паслугі для рэалізацыі нашай прадукцыі на тэрыторыі Паднябеснай.
Візіт кітайскай дэлегацыі разлічаны на чатыры дні. У праграме – наведванне прадпрыемстваў Віцебска і Оршы, сустрэча з кіраўніцтвам свабодна-эканамічнай зоны «Віцебск», перамовы аб пастаўках нашай прадукцыі ў КНР, арганізацыі абменных выстаў. Госці з Паднябеснай азнаёмяцца не толькі з эканамічным, але і навукова-адукацыйным, культурным патэнцыялам рэгіёна. Наведаюць ВНУ і абласны краязнаўчы музей.
Вынікі паездкі будуць падведзены ў пятніцу на сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкама.
"Віцебскія весці"
Крыніца: vitebsk-region.gov.by