Торжественную присягу принесли в Витебске 25 новобранцев МЧС

У Віцебску 25 байцоў МНС прынялі ўрачыстую прысягу

Напярэдадні 25-годдзя з дня ўтварэння органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і прафесійнага свята Дня выратавальніка 25 навабранцаў, якія папоўнілі шэрагі выратавальнікаў Віцебскай вобласці, прынялі прысягу ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод тых, хто з хваляваннем чакаў адной з галоўных падзей у сваім жыцці, была і прадстаўніца прыгожага полу - інспектар прапаганды Гарадоцкага РАНС Настасся Палясова. "Я некалькі гадоў працавала ў МНС на грамадзянскіх пасадах, але мне заўсёды хацелася атрымаць пасаду афіцэра гэтага ведамства. Любоў да служэння сваёй краіне і народу ва мне выхаваў тата, які быў палкоўнікам МУС. Мая мара ажыццявілася, і мне хацелася б сказаць тым, хто разважае аб уступленні ў шэрагі МНС - не сумнявайцеся, асабліва калі ў вас ёсць да гэтага ўнутранае імкненне", - падзялілася Настасся, прызнаўшыся, што ў такі дзень крыху хвалюецца, а падтрымаць яе прыйшоў муж, які таксама працуе ў праваахоўных органах.


Усяго ў гэты дзень у паўночным рэгіёне прынялі прысягу больш за 50 наваспечаных выратавальнікаў. Аднак не толькі навічкі адчулі ўсю ўрачыстасць моманту - кіраўнікам рэгіянальных падраздзяленняў МНС Віцебшчыны ўручылі ключы ад новых аўтамабіляў. Новая тэхніка набыта за кошт абласнога бюджэту, і на новае месца службы адправіліся 10 легкавых аўтамабіляў Geely, дзве аўтацыстэрны, аўтамабіль медыцынскай службы, мікрааўтобус, дзве аўталесвіцы. На гэтым падарункі для выратавальнікаў не скончыліся, і васьмі работнікам МНС перадалі ключы ад новых арэндных 2-пакаёвых кватэр у абласным цэнтры.

"МНС - гэта аператыўнае ведамства, якое выконвае шырокі спектр дзяржаўных задач - як выратаванне людзей, так і папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Упэўнены, што шырокія магчымасці, тэхнічны патэнцыял дазволяць МНС і ў далейшым рэалізоўваць сябе як дзяржаўны орган. Таксама важная праца з падрастаючым пакаленнем. Такія мерапрыемствы закладваюць у іх тыя асновы, якія важныя для кожнага выратавальніка - імкненне прыносіць карысць сваёй Айчыне", - падкрэсліў начальнік абласнога УМНС Сяргей Мелешкін.

Крыніца: belta.by