В Витебске подписали соглашение о сотрудничестве по проекту создания и функционирования Парка индустрии Витебской области в Китае

У Віцебску падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве па праекце стварэння і функцыянавання Парка індустрыі Віцебскай вобласці ў Кітаі

Орша, Віцебск, Полацк, Наваполацк, Чашнікі ўключаны ў маршрут кітайскай дэлегацыі, якая знаёміцца ў гэтыя дні з Прыдзвінскім краем.

Насычаная праграма дазволіць гасцям ацаніць магчымасці і дасягненні паўночнага рэгіёна Беларусі ў розных напрамках — ад эканомікі да культуры. Акрамя таго, сёння ў рамках візіту было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве па праекце стварэння і функцыянавання Парка індустрыі Віцебскай вобласці ў Кітаі паміж Віцебскім аблвыканкамам і кампаніяй з КНР Beijing Zhaongbai Business Management Co. Ltd. Гэта стала лагічным працягам Мемарандума аб супрацоўніцтве, які бакі заключылі ў лістападзе бягучага года ў Шанхаі, дзе дэлегацыя нашага рэгіёна прадстаўляла свой экспартны і інвестыцыйны патэнцыял.

У пагадненні агаворваюцца канкрэтныя мерапрыемствы, дзякуючы якім міжнародныя кантакты неўзабаве павінны выйсці на зусім іншы ўзровень. Так, дакумент прадпісвае ў бліжэйшы час вызначыць горад КНР, дзе размесціцца штаб-кватэра Парка індустрыі Віцебскай вобласці, дату і фармат афіцыйнай цырымоніі адкрыцця. Кіраўнік кітайскай дэлегацыі спадар Лэй Ма растлумачыў, што месца ўжо выбрана: для рэалізацыі праекта прапанаваны адзін з гарадоў, размешчаны паблізу Шанхая. Яго гадавы ВУП — каля 200 млрд долараў. Так што ў прадпрыемстваў Віцебшчыны будуць добрыя магчымасці для прэзентацыі прадукцыі і развіцця ўзаемавыгадных адносін.

Беларускаму боку трэба будзе падрыхтаваць пералік прадукцыі, якая можа прапаноўвацца для экспарту ў Кітай або ж там закупляцца. На месцы з прадстаўнікоў КНР плануецца сфарміраваць спецыяльную каманду маркетынгу, якая будзе спрыяць прасоўванню ў сваёй краіне тавараў з Прыдзвіння праз Парк індустрыі Віцебскай вобласці. Акрамя таго, у яго рамках вырашана стварыць Цэнтр буйных закупак для аказання дапамогі прадпрыемствам у выкананні маштабных заказаў кліентаў, прадастаўлення паслуг у сферы фінансавага суправаджэння, лагістыкі, прамысловага дызайну і гэтак далей.

Хоць у падпісаным дакуменце гаворка ідзе пра пашырэнне ўзаемадзеяння ў розных сферах, аднак перш за ўсё ўвага надаецца развіццю эканомікі. Менавіта таму ў трохдзённую праграму знаходжання гасцей з Кітая ў Прыдзвінскім краі ўключылі наведванне многіх нашых прадпрыемстваў. Сярод іх — Аршанскі льнокамбінат, Кандытарская фабрыка «Віцьба», Полацкі малочны камбінат, ААТ «Нафтан» і шэраг іншых вытворцаў, прадукцыя якіх можа быць запатрабавана на рынку КНР.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што прымаючы бок пастараўся максімальна ўлічыць інтарэсы кітайскай кампаніі і як мага лепш пазнаёміць дэлегацыю з патэнцыялам паўночнага рэгіёну Беларусі.

— Аналіз вынікаў нашага ўзаемадзеяння ў 2023 годзе паказаў шырокія магчымасці не толькі ў актывізацыі экспартна-імпартных аперацый, але і ў рэалізацыі кітайскімі інвестарамі ўласных праектаў у самых розных галінах, — сказаў Аляксандр Субоцін.

Ён растлумачыў, што сёння нашы прадпрыемствы закупляюць у Кітаі тэхналогіі, абсталяванне ў сферы радыёэлектронікі, фармацэўтыкі і машынабудавання, палімерную, хімічную, гарбарную сыравіну, металы, — усё гэта абмяркоўвалася падчас лістападаўскай сустрэчы ў Шанхаі.

— Прапаноў шмат, аднак выбраць найбольш эфектыўныя дастаткова складана, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Акрамя пастаўкі, неабходныя гарантыі якасці і выканання тэхнічных рэгламентаў, сэрвіснае абслугоўванне.

Пашырэнне супрацоўніцтва, несумненна, адкрые новыя магчымасці ў гэтым напрамку.

Асобна кіраўнік вобласці спыніўся на перспектывах узаемадзеяння ўніверсітэтаў Прыдзвінскага краю з тэхнапаркам, які наведала дэлегацыя Віцебшчыны падчас візіту ў Шанхай. Ішла размова і пра сумесныя праекты ў сферы культуры.

"Віцебскія весці" 

Крыніца: vitebsk-region.gov.by

У Віцебску падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве па праекце стварэння і функцыянавання Парка індустрыі Віцебскай вобласці ў Кітаі