У Віцебску адкрыўся Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які ў 34-ы раз адкрыўся ў Віцебску, з'яўляецца адной з самых галоўных падзей у культурным календары краіны.
Такую ацэнку танцавальнаму форуму даў у сваім пасланні міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. Ён таксама адзначыў, што за сваё доўгае жыццё фестываль набыў высокі аўтарытэт і прызнанне майстроў і прыхільнікаў сучаснага танца ва ўсім свеце.
Падчас урачыстай часткі, якая папярэднічала адкрыццю канцэртнай праграмы, да ўдзельнікаў і гледачоў фестывалю звярнуўся намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, які зачытаў прывітанне старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна. Кіраўнік вобласці адзначыў, што IFMC спрыяе прасоўванню беларускай харэаграфіі ў еўрапейскай і сусветнай прасторы.
Галоўнай падзеяй сёлетняга форуму стане нацыянальны конкурс. Удзельнікамі творчага спаборніцтва становяцца пісьменна, мудра і прыгожа думаючыя маладыя людзі. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі на сустрэчы з конкурсантамі. Сёлета паказаць сваё майстэрства вырашыліся каля 200 танцораў з 25 калектываў. Гэта рэкордная колькасць за ўсе гады.
– Я шчаслівы, што жыву ў Віцебску, дзе нарадзіўся IFMC, што мы – сучаснікі гэтага глабальнага фестывалю, які стварае аснову сучаснай культуры Беларусі, – падкрэсліў Глеб Лапіцкі.
Кіраўнік Цэнтра культуры звярнуў увагу гасцей на пераўтварэнні канцэртнай залы, дзе праходзяць галоўныя фестывальныя падзеі. Будынак заззяў новымі яркімі фарбамі і набыў цікавыя мастацкія рысы і сучасную тэхналагічную начынку.
А старшыня міжнароднага журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Італіі, Македоніі, Расіі, Сербіі, Харватыі, народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў адзначыў, што IFMC збірае ў Віцебску вяршкі беларускай сучаснай харэаграфіі.
– Я заўсёды ў Віцебску хачу быць здзіўленым, зачараваным, таму што тут адчуваецца свежая хваля новых ідэй, новай энергіі, – падзяліўся сваімі эмоцыямі Канстанцін Кузняцоў.
У першы фестывальны вечар адбылося прадстаўленне канкурсантаў, а затым на сцэну выйшаў ужо праслаўлены калектыў – балет «Масква», які прадставіў некалькі мініяцюр, створаных рознымі харэографамі ў рамках лабараторыі сучаснага танца.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by