Спецаўтамабілі перадалі ТЦСАН і дамам-інтэрнатам Віцебскай вобласці
Спецыяльныя легкавыя аўтамабілі для сацыяльнага абслугоўвання перадалі сёння тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) і дамам-інтэрнатам Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей.
Гэты праект рэалізуецца на базе ААТ "Брэстмаш" пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. "У нас працуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і 91 дом-інтэрнат. Адна з галоўных задач - максімальная даступнасць сацыяльных паслуг. Праект дазваляе забяспечыць даступнасць паслуг як для жыхароў горада, так і ў самых аддаленых населеных пунктах. У кожным ТЦСАН дзейнічаюць аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю. Таксама функцыянуюць 158 аддзяленняў для пажылых грамадзян. У дамах-інтэрнатах людзі не замкнутыя ў чатырох сценах. Яны наведваюць розныя мерапрыемствы, у тым ліку прадстаўляюць свае таленты", - акцэнтаваў увагу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арлоў.
Для забеспячэння мабільнасці людзей з інваліднасцю і пажылых грамадзян Мінпрацы прыняло рашэнне аб цэнтралізаванай закупцы спецыяльнага транспарту. Па замове 39 такіх легкавых аўтамабіляў вырабілі на "Брэстмашы". З іх 23 прызначаны для тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і 16 - для дамоў-інтэрнатаў. Яны будуць пастаўлены ва ўсе рэгіёны рэспублікі. У прыватнасці, сёння ключы ад 18 спецаўтамабіляў атрымалі прадстаўнікі сацыяльных устаноў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
"Для Віцебскай вобласці атрымалі сем аўтамабіляў - для чатырох ТЦСАН і трох дамоў-інтэрнатаў. Мы ўдзячныя міністэрству, што гэтае пытанне вырашана на ўзроўні рэспублікі. Самае галоўнае - палепшыцца якасць жыцця людзей з інваліднасцю і пажылых грамадзян, а таксама даступнасць у атрыманні розных відаў паслуг, якія прадастаўляюць нашы ўстановы", - падкрэсліла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі плануе працягнуць гэту праграму. У наступным годзе намечана набыць партыю мікрааўтобусаў з пад'ёмнікамі. Над іх вырабам таксама працуюць на брэсцкім прадпрыемстве. Гэты аўтамабіль створаны на базе мікрааўтобуса МАЗ.
"БЕЛТА"
Крыніца: vitebsk-region.gov.by