В Витебской области за летний сезон оздоровились более 44 тыс. детей

У Віцебскай вобласці за летні сезон аздаравіліся больш за 44 тыс. дзяцей

У летні сезон на тэрыторыі Віцебскай вобласці функцыянавала 716 лагераў, у якіх аздаравілася больш за 44 тыс. дзяцей.

Пытанне аздараўлення і занятасці дзяцей ва ўстановах адукацыі і аздараўленчых лагерах Віцебскай вобласці разгледжана на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.

Гэта пытанне, як падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, знаходзіцца на пастаянным кантролі ўсіх органаў улады.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны акцэнтаваў увагу на тых задачах, якія трэба вырашыць да наступнай аздараўленчай кампаніі. Пасля аналізу дзейнасці лагераў у мінулым сезоне стала зразумела, што трэба змяніць рэжым іх працы з пераходам на чатырох-пяцісменку, надаць больш увагі спартыўным і ваенна-патрыятычным лагерам, рацыянальна выкарыстоўваць вылучаныя сродкі для больш камфортнага і паўнавартаснага адпачынку дзяцей.

У гэтым ключы і адбылося абмеркаванне асноўнага пытання.

Начальнік прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Сняжана Цітова падкрэсліла, што ў летнюю кампанію ў нашай вобласці аздаравілася на 1645 дзяцей больш, чым у папярэднюю. На тэрыторыі функцыянавала 716 лагераў усіх тыпаў, на падрыхтоўку якіх было выдаткавана каля 3 млн руб.

Нягледзячы на тое, што за апошнія тры гады на Віцебшчыне адкрыта тры дадатковыя загарадныя лагеры, усё роўна не вырашана цалкам праблема недахопу месцаў. У наступным годзе запланавана адкрыццё яшчэ аднаго загараднага стацыянарнага аздараўленчага лагера ў Пастаўскім раёне на плошчах Гуцкай базавай школы.

Толькі 615 лагераў з дзённым знаходжаннем працавалі на базе агульнаадукацыйных і спартыўных школ вобласці, у якіх аздаравіліся 26,3 тысячы дзяцей. У 78 з іх 1440 падлеткаў былі ахоплены рознымі формамі занятасці. Дзеці выконвалі работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, рамонце мэблі, доглядзе за раслінамі, пашыве спецадзення і інш. Вучні атрымлівалі за працу зарплату.

Яшчэ 95 лагераў функцыянавалі як спартыўна-аздараўленчыя, у якіх адпачывала 8880 спартсменаў. 128 лагераў і змен з кругласутачным і дзённым знаходжаннем было створана на базе воінскіх часцей і злучэнняў, дзе абаронна-спартыўным ваенна-патрыятычным профілем было ахоплена 4,3 тысячы падлеткаў, працавалі 24 профільныя змены МНС.

У лагерах асаблівая ўвага надавалася аздараўленню дзяцей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, падкрэсліла Сняжана Цітова. Рознымі формамі аздараўленчых мерапрыемстваў было ахоплена каля 1700 дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, 595 дзяцей-інвалідаў, 5,5 тыс. дзяцей з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Для гэтых катэгорый са сродкаў абласнога, гарадскога і раённых бюджэтаў выдзелена 467,3 тыс. руб. на даплату да поўнага пакрыцця кошту пуцёвак.

На асаблівым кантролі знаходзіліся аздараўленне і занятасць падлеткаў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Рознымі формамі аздараўленчых мерапрыемстваў і працоўнай дзейнасці было ахоплена больш за тысячу падлеткаў.

"Віцебскія весці"

Крыніца: vitebsk-region.gov.by