Вопросы формирования и использования стабилизационных фондов обсудили на республиканском совещании в Витебском районе

Пытанні фарміравання і выкарыстання стабілізацыйных фондаў абмеркавалі на рэспубліканскім нарадзе ў Віцебскім раёне

Пра тое, як фармуюцца і выкарыстоўваюцца стабілізацыйныя фонды ў міжсезонны перыяд 2023-2024 года, ішла размова на рэспубліканскім нарадзе ў аграгарадку Наўка Віцебскага раёна.

У абмеркаванні важнага пытання, якое тычыцца харчовай бяспекі краіны, прынялі ўдзел прадстаўнікі абласной вертыкалі ўлады, райвыканкамаў, вытворцаў агародніннай прадукцыі, гандлёвых сетак.

– У кожнай вобласці мы збіраем фермераў, прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і ладзім дыялогавую пляцоўку з гандлёвымі арганізацыямі – рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сеткамі. Патрэба апошніх у агародніне і садавіне ў міжсезонны перыяд узрастае ў разы. Гэтаму пытанню ўрад надае асаблівую ўвагу – захаваць тое, што выгадавалі, закласці на захоўванне і рэалізаваць у свежым выглядзе людзям. Таму стаіць задача звязаць вытворцаў і гандаль дагаворнымі адносінамі. Беларусь, як буйны вытворца сельгаспрадукцыі ў цэлым сябе забяспечвае. Мы вырошчваем у 4,5 раза больш, чым самім неабходна, стараемся зарабляць на экспарце. Але самае важнае – накарміць насельніцтва Беларусі, – падкрэсліў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Аляксей Багданаў.

Віцебская вобласць, як адзначыў кіраўнік ведамства, павінна забяспечыць закладку 16 тыс. тон плодаагародніннай прадукцыі – так званага «боршчовага набору» – плюс яблыкі. Міністр звярнуў увагу на тое, што з мінулага года гандлёвыя арганізацыі арыентаваны на продаж айчыннай агародніны і садавіны.

Перад пачаткам пасяджэння ўдзельнікі дзелавой сустрэчы азнаёміліся з узорамі прадукцыі, выгадаванай вытворчым кааператывам «Альгоўскае», сартавыпрабавальнай станцыяй «Лужаснянская», Віцебскім занальным інстытутам сельскай гаспадаркі НАН Беларусі, дзяржаўным прадпрыемствам «Рудакова».

– Ураджай сёлета нядрэнны. Мы традыцыйна вырошчваем агародніну як адкрытага грунту, так і закрытага. Ужо выкапалі ўсю моркву, буракі, цяпер працягваем прыбіраць бульбу. Заключылі дагаворы на пастаўку ў гандлёвыя сеткі 490 тон бульбы з запланаваных 500. Усе сховішчы адрамантаваны, атэставаны і гатовыя да прыёму прадукцыі. Віцебск забяспечым агароднінай, – запэўніў дырэктар «Рудакова» Андрэй Бенько.

Адзін з галоўных партнёраў прадпрыемства – гандлёвая сетка «Веста». Па словах дырэктара гэтага акцыянернага таварыства Рэймана Веніямінава, «Веста» заўсёды аддае перавагу айчыннай прадукцыі, арыентуючыся на два асноўныя паказчыкі – якасць і цану.

– Віцебская вобласць нарыхтоўвае пладаагароднінную прадукцыю пад поўную патрэбу рэгіянальных гандлёвых сетак. На сённяшні дзень заключана 96% дагавораў з вытворцамі. Ёсць праблемы з цыбуляй і яблыкамі. З-за ўмоў надвор'я сёлета недабралі буракоў, капусты і морквы. Але яшчэ ёсць час выправіць становішча. Тое, чаго недастаткова, будзе нарыхтоўваць спажывецкая кааперацыя ў насельніцтва, фермераў. Ужо ёсць адпрацаваная схема забеспячэння закрытых навучальных і ўстаноў аховы здароўя. Нямалае пытанне – гатоўнасць сховішчаў. Усе прайшлі атэстацыю, адпавядаюць неабходным патрабаванням, – расказала намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

У ходзе нарады таксама разглядалася пытанне аб умовах уступлення ў гандлёвыя сеткі, патрабаваннях да пладаагародніннай прадукцыі.

Важным вынікам нарады сталі перамовы прадстаўнікоў гандлёвых сетак і сельгасвытворцаў Віцебшчыны аб заключэнні дагавораў на пастаўку прадукцыі.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by

Пытанні фарміравання і выкарыстання стабілізацыйных фондаў абмеркавалі на рэспубліканскім нарадзе ў Віцебскім раёне