Віцебшчына апярэджвае іншыя вобласці па ўраджайнасці бульбы – 423 цэнтнеры з гектара
Віцебшчына ўпэўнена апярэджвае іншыя вобласці па ўраджайнасці бульбы – 423 цэнтнеры з гектара.
У цэлым на раніцу 28 жніўня сабрана ў краіне два працэнты выгадаванай бульбы, у самым паўночным рэгіёне – звыш 9. Бульба буйная, прыгожая. Пакуль прыбіраюць раннія гатункі. Працэс збору ўраджаю працягнецца яшчэ ўвесь верасень.
– Лідар у нас па плошчах – Талачынскі кансервавы завод. У яго каля 1,1 тысячы гектараў, усяго ж па вобласці – 1,9, – адзначае начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кармавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Валерый Неразя. – Вырошчваюць сельгаспрадпрыемствы ў Віцебскім, Полацкім раёне, ёсць і фермерскія гаспадаркі, якія збіраюць год ад году нядрэнныя ўраджаі. Але талачынцы не саступаюць першую пазіцыю. Сёлета ўраджай багаты, таму што выконвалі тэхналогію, уносілі неабходныя ўгнаенні пад поўную патрэбу, падабралі выдатныя гатункі. Таму і ўраджайнасць – 438 цэнтнераў на круг. У ранейшыя гады бульбяныя палі ў рэгіёне налічвалі дзясяткі тысяч гектараў. Маглі б і сёння больш актыўна вырошчваць іншыя гаспадаркі, але варта ўлічваць шэраг важных пазіцый: неабходна шукаць перспектыўныя рынкі збыту, будаваць сховішчы, мець адпаведную высокапрадукцыйную тэхніку. Усё гэта ў сукупнасці і дае жаданы вынік.
"СБ"
Крыніца: vitebsk-region.gov.by