У Гарадку завяршаюць мурал, прысвечаны Дню беларускага пісьменства
Упрыгожваць дамы ў гарадах, дзе праходзіць Дзень беларускага пісьменства, арыгінальнымі мураламі стала ўжо добрай традыцыяй. Сёлета яе падтрымалі ў Гарадку. Менавіта тут другога і трэцяга верасня адбудзецца юбілейнае, 30-е, свята.
На тарцы дома па вуліцы Савецкая, 20, які выходзіць на галоўную плошчу райцэнтра, завяршаюць мурал з выявамі гербаў гарадоў, у розныя гады ўдастоеных гонару прымаць Дзень пісьменства. Аўтапад'ёмнік мясцовага РАНС дапамагае ўзяць патрэбную для творчасці вышыню.
Святлана Мазжарава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама, уводзіць у курс:
– За макет мурала, а апошні выкананы пад старыну, дзякуй ВДУ імя П.М. Машэрава. Старшыня раёна Ірына Палякова звярнулася да рэктара ўніверсітэта Валянціны Багатыравай, між іншым, ураджэнкі нашага раёна, і яна з гатоўнасцю адгукнулася! Наносіць выяву пачалі каля тыдня таму, зараз праца выйшла на фінішную прамую.
Усяго да Дня пісьменства ў Гарадку можна будзе налічыць дзесяць аб'ёмных малюнкаў-муралаў з цытатамі – як класікаў беларускай літаратуры, так і вядомых пісьменнікаў-землякоў. Напрыклад, насупраць культурна-асветніцкага цэнтра «Гарадок» ужо можна прачытаць незабыўнае «Мой родны кут, як ты мне мілы!..» Янкі Купалы. У дзіцячым парку захапіцца пранізлівай цытатай паэта і перакладчыка Уладзіміра Скарынкіна, прысвечанай роднаму Гарадоцкаму раёну: «Я нарадзіўся на зямлі, сагрэтай валунамі...» Вядома, не абыдзецца без вядомага яшчэ са школьных часоў «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?..» з хрэстаматыйной паэмы «Тарас на Парнасе». Месца пад радок з гэтага ўзору беларускага бурлеску адвялі самае што ні ёсць падыходнае – насупраць помніка Кастусю Вераніцыну, аўтару твора.
Стараннямі работнікаў культуры і сферы адукацыі малюнкі ў тэму з'явіліся нават на валунах ля ўезду ў райцэнтр, а яшчэ на аўтобусных прыпынках па напрамку Гарадок – Астраўляне. А менавіта на працягу турыстычнага маршруту «Сцежкамі Тараса». У займальнае падарожжа па родных мясцінах Кастуся Вераніцына прапануюць адправіцца гасцям сталіцы Дня беларускага пісьменства – 2023.
"СБ"
Крыніца: vitebsk-region.gov.by