Электрадамы, кватэры для шматдзетных і вайскоўцаў: у Віцебску расказалі, як будуецца жыллё ў рэгіёне
За студзень-чэрвень у Віцебскай вобласці ў эксплуатацыю ўведзена 130 тыс. кв.м жылля. Пра гэта на пасяджэнні аблвыканкама паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Аляксей Героеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У першым паўгоддзі ў паўночным рэгіёне ўведзена ў эксплуатацыю 130 тыс. кв.м агульнай плошчы жылых дамоў, што склала 42,8% да ўстаноўленага гадавога плана. Гэта на 9,1% вышэй за паказчык аналагічнага перыяду 2022 года. З дзяржпадтрымкай у строй увялі 31,5 тыс. кв.м жылля. Доля жылля індывідуальных забудоўшчыкаў склала 59,2% ад усяго ўведзенага ў строй жылля, або 77,4 тыс. кв.м. На 1 ліпеня ў вобласці ажыццяўляецца будаўніцтва 25 шматкватэрных жылых дамоў, і 10 з іх ужо ўведзены ў строй", - адзначыў Аляксей Героеў.
Асаблівая ўвага на Віцебшчыне ўдзяляецца грамадзянам з катэгорыі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку шматдзетным сем'ям. "За шэсць месяцаў 294 шматдзетныя сем'і былі забяспечаны ўласным жыллём, што складае 43,2% да гадавога плана. Усяго сёлета па плане мы павінны забяспечыць жыллём 680 шматдзетных сем'яў. Таксама на паляпшэнне жыллёвых умоў накіраваны яшчэ 388 сем'яў дадзенай катэгорыі", - распавёў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін акцэнтаваў увагу на будаўніцтве арэнднага жылля для ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб. У асобных гарадах вобласці новыя дамы з прадугледжанымі для гэтай катэгорыі грамадзян кватэрамі будуюцца з адставаннем, таму варта актывізаваць працу ў гэтым напрамку.
Аляксей Героеў распавёў, што ў рэгіёне за першае паўгоддзе ўвялі ў строй больш за 23 тыс. кв.м жылля, дзе для ацяплення, прыгатавання ежы і падагрэву вады выкарыстоўваецца электрычнасць. "У 2022 годзе ў вобласці былі ўведзены ў строй 3 электрадамы агульнай плошчай 6,4 тыс. кв.м. Іх пабудавалі ў Бешанковічах, Лёзне і Талачыне. Да канца гэтага года плануецца ўвесці ў строй яшчэ 4 электрадамы ў Віцебску і адзін у Паставах", - праінфармаваў ён.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў перспектыве пры гарадской забудове варта прадугледзець узвядзенне мікрараёнаў з электрадамамі, і такія ўжо запланаваны ў Віцебску і Паставах.
"БЕЛТА"
Крыніца: vitebsk-region.gov.by