Аблздароўе: Дзесяць мабільных ФАПаў прыступяць да працы ў Віцебскай вобласці ў пачатку ліпеня
Дзесяць мабільных ФАПаў прыступяць да працы ў Віцебскай вобласці ў пачатку ліпеня. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі.
Кіраўнік аблздрава адзначыў, што раней на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя ў кіраўніка дзяржавы была дадзена нездавальняючая ацэнка працы сістэмы. "Да гэтага ёсць рэальныя падставы. Вялікі крэдыт даверу ад насельніцтва дадзены, каб мы тыя пытанні, якія да канца не былі дапрацаваны, зараз у аператыўным парадку выправілі. Пытанні, якія трэба вырашыць, - гэта кадры, стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў на вёсцы і медыцынскае абслугоўванне сельскага насельніцтва", - растлумачыў ён.
Сярод асноўных задач - абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Абстаноўку на месцах праінспектавалі групы, створаныя на ўзроўні райвыканкамаў. Спецыялісты ацанілі саму базу, перагледзелі падыходы і склалі графікі, як варта палепшыць тыя ФАПы, лячэбныя амбулаторыі, участковыя бальніцы, якія знаходзіліся ў нездавальняючым стане альбо мелі патрэбу ў нязначных рамонтах.
"Сёння вельмі шчыльна заняліся ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у нас іх 341. З іх каля 270 патрабуюць ад невялікага ўкладання да капітальнага рамонту. 38 ужо за рэшту мая - пачатак чэрвеня прыведзены ў адпаведнасць, - сказаў Міхаіл Вішневецкі. - На сённяшні дзень на 78 ідуць рамонтныя работы. Зроблены слізгальныя графікі, усё ўзгоднена з раённымі выканаўчымі камітэтамі, фінансаванне замацавана. Таму з нашага боку вядзецца кантроль, з боку выканаўчай улады на месцах - таксама".
Мабільныя фельчарска-акушэрскія пункты будуць працаваць адначасова з ужо існуючымі ФАПамі. У паўночным рэгіёне з мінулага года функцыянуе адзін мабільны фельчарска-акушэрскі пункт, які належыць Глыбоцкай ЦРБ. "З 4 ліпеня прыступаюць да працы 10 мабільных ФАПаў. На дадзены момант пяць выраблена, па дамове да канца месяца яшчэ пяць будзе выпушчана. Адзінаццаць раёнаў ужо будуць мець па адным ФАПе. Гэтыя мабільныя ФАПы не будуць замяняць фельчарскія, а будуць працаваць у дадатак. Адным з асноўных напрамкаў будзе дыспансерызацыя, забор аналізаў і выдача вынікаў, вакцынацыя і агляд спецыялістамі на месцах, таму што мабільныя ФАПы будуць працаваць не як звычайныя, а дадаткова будуць прысутнічаць альбо ўрач агульнай практыкі, альбо вузкі спецыяліст. Задача - ахапіць сельскае насельніцтва, якое фізічна не ў стане дабрацца да цэнтральнай раённай бальніцы, амбулаторыі і атрымаць там дапамогу", - дадаў кіраўнік аблздрава.
Прэс-канферэнцыя "Ахова здароўя Віцебшчыны ў фармаце адкрытага дыялогу" прайшла ў абласным медыяцэнтры напярэдадні Дня медыцынскага работніка, які адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.
"БЕЛТА"
Крыніца: vitebsk-region.gov.by