Летняя аздараўленчая кампанія 2023 года стартавала ў Віцебскай вобласці
На Віцебшчыне аздараўленчая кампанія–2023 стартавала ў лагеры «Дружныя хлопцы», заснавальнікам якога з’яўляецца Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.
На Віцебшчыне аздараўленчая кампанія–2023 стартавала ў лагеры «Дружныя хлопцы», заснавальнікам якога з’яўляецца Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.
Дзіцячы гоман, стрыманы хваёвы пах і яркае сонейка – усё адразу пагружае прыезджых у прыемную атмасферу загараднага адпачынку, дзе ў маляўнічым месцы, за 10 кіламетраў ад абласнога цэнтра, размясціўся аздараўленчы лагер «Дружныя хлопцы». У першую змену тут адпачнуць 190 дзяцей ад 10 да 15 гадоў. Гэта не толькі дзеці з вобласці, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі і краін, у прыватнасці, з Расіі, падкрэсліла начальнік лагера Ірына Старавойтава. За лета будзе арганізавана чатыры аздараўленчыя змены, а з сярэдзіны жніўня – пятая профільная для падлеткаў. Усе міжсезонныя змены маюць пэўную накіраванасць. Цяперашняя пройдзе пад дэвізам «Шлях да поспеху» і будзе спрыяць развіццю лідарскіх якасцей.
У лагеры выдатная матэрыяльная база, адзначыла Ірына Старавойтава. На рамонт даху і ўкладку асфальту з абласнога бюджэту было выдзелена 60 тыс. руб., на сродкі заснавальніка набыты тэлевізары, розныя гульні, новыя лаўкі на стадыёне і інш.
Дзеці ў камфортных умовах правядуць свой адпачынак. У іх распараджэнні дзве валейбольныя пляцоўкі, баскетбольная, пляцоўка для варкаўта, дзіцячы гульнявы комплекс, абсталяванне для настольнага тэніса…. Словам, кожны можа праявіць свае здольнасці ў тым відзе спорту, які яму па душы. Акрамя гэтага, дзяцей чакаюць агульныя лагерныя мерапрыемствы з конкурсамі, спаборніцтвамі, квэстамі.
Сямікласнікі Цімафей Ларыёнаў і Іван Дробыш з Віцебска пазнаёміліся ў «Дружных хлопцах» летась. Ім настолькі спадабалася ў лагеры, што ніколькі не сумняваліся, што прыедуць сюды зноў. І прыехалі. Рады працягу знаёмства. Чакаюць незабыўных уражанняў ад розных конкурсаў, якія праходзяць, па іх словах, весела, цікава і крэатыўна. А калі да гэтага дадаецца пяціразовае смачнае харчаванне, то лепшага адпачынку і марыць не прыходзіцца.
Па традыцыі сфарміраваныя атрады рапартавалі аб гатоўнасці адпачываць весела і з карысцю для здароўя. Сімвалічную пуцёўку ў лета ўручыў казачны персанаж. Старт дадзены. У добры шлях, летні адпачынак!
На Віцебшчыне ў летніках плануецца аздаравіць больш за 43 тысячы дзяцей. У лагерах з кругласутачным знаходжаннем – 17 тысяч, у дзённых – больш за 25 тысяч. Асаблівая ўвага нададзена лагерам патрыятычнай накіраванасці, якіх у вобласці налічваецца больш за 100, тры з іх арганізаваны на базе воінскіх часцей (Полацк, Наваполацк, Паставы).
Крыніца: vitebsk-region.gov.by