В Медиацентре Витебской области обсудили вступительную кампанию-2023

У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці абмеркавалі ўступную кампанію-2023

Тыя, хто плануе атрымаць сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, яшчэ маюць час падумаць, а «мэтавікам» варта паспяшацца. Пра асаблівасці ўступнай кампаніі — 2023, тэрміны яе правядзення, планы набору і новыя спецыяльнасці ў ВНУ і каледжах ішла размова на прэс-канферэнцыі, якую арганізаваў Медыяцэнтр Віцебскай вобласці сумесна са сталічным Домам прэсы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, што завяршыўся важны этап: на Віцебшчыне якасна прайшлі цэнтралізаваныя экзамены. Нагадаем, што атрыманыя на іх балы па новых правілах будуць улічвацца пры падачы дакументаў у ВНУ нароўні з вынікам ЦТ.
На асноўны тэрмін ЦЭ па рускай (беларускай) мове здалі 5396 чалавек, па вучэбным прадмеце па выбары — 5389. Найбольшай папулярнасцю ў выпускнікоў Віцебшчыны карысталася матэматыка — яе выбралі 2062 чалавекі. Па словах Дзмітрыя Хомы, некалькі нечакана было, што вельмі многія захацелі здаваць біялогію — такіх аказалася 1059. Для параўнання, выпрабаванні па прадметах, наступных далей у гэтым умоўным рэйтынгу, — англійскай мове і гісторыі Беларусі — праходзілі 587 і 573 чалавекі адпаведна.

Можна было б сказаць, што наперадзе ў учорашніх выпускнікоў — уступная кампанія. Але насамрэч яна ўжо даўно стартавала. Па сутнасці, яе адкрылі абласны і заключны этапы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама алімпіяды, якія праводзіліся ў 2022/23 навучальным годзе ў ВНУ. Таленавітыя вучні, якія сталі пераможцамі гэтых спаборніцтваў, цяпер маюць льготы пры паступленні, таму многім абітурыентам, каб стаць студэнтамі, засталося толькі падаць дакументы ў прыёмную камісію.

Напрыклад, рэктар ПДУ імя Ефрасінні Полацкай Юрый Раманоўскі распавёў, што ў іх на ўніверсітэцкіх алімпіядах атрымалі дыпломы 54 школьнікі. Яны змогуць падаць дакументы ў ВНУ у пачатку чэрвеня, адначасова з тымі дзецьмі, якія плануюць навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Ужо ў сакавіку атрымалі запрашэнні стаць студэнтамі і больш за 60 пераможцаў алімпіяд, якія праводзіліся ў медуніверсітэце, паведаміла першы прарэктар ВДМУ Аліна Шчупакова. Нямала такіх здольных абітурыентаў чакаюць сёлета і ў ВДУ імя П. Машэрава.

Пашырыліся ў 2023 годзе і магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі па мэтавых накіраваннях. Тут галоўнае — не прапусціць тэрмін падачы дакументаў: з 1 па 5 чэрвеня (атэстат павінен быць прадстаўлены ў прыёмную камісію да 15 чэрвеня).

Дзмітрый Хома адзначыў, што сістэма адукацыі стараецца адсочваць патрэбы эканомікі і ўносіць адпаведныя змены ў структуру падрыхтоўкі кадраў. З улікам патрэб заказчыкаў новыя запатрабаваныя спецыяльнасці ўводзяцца як у ВНУ, так і ў каледжах Віцебшчыны. Напрыклад, у 2023 годзе з'явяцца навінкі ў ВДУ ім. П. Машэрава («мікрабіялогія» і «сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя») і ПДУ ім. Ефрасінні Полацкай («графічны дызайн і мультымедыядзайн» і «бізнес-адміністраванне»). Аб новых прапановах на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі «Віцебскія весці» распавядалі раней. Будуць змены і ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Хлопцам і дзяўчатам прапануюць атрымаць кваліфікацыю «печнік» (Аршанскі дзяржаўны політэхнічны каледж), «кузаўшчык» (Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж), «манцёр пуці» (Віцебскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж), «ляснік» (Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж), «слесар па рамонце рухомага саставу» (Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж).
Прадстаўнікі ўсіх пяці дзяржаўных ВНУ нашага рэгіёну і кіраўнікі шэрагу каледжаў Віцебска і Оршы падчас прэс-канферэнцыі дэталёва распавялі пра перавагі і магчымасці канкрэтных навучальных устаноў. Гэта дазволіла прадэманстраваць патэнцыял Прыдзвіння ў сферы падрыхтоўкі кадраў жыхарам розных абласцей Беларусі, бо падключыцца да мерапрыемства ў рэжыме анлайн мог любы ахвотны.

vitebsk-region.gov.by

У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці абмеркавалі ўступную кампанію-2023