У Віцебску пачаў працу XI Міжнародны эканамічны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы».
У XI Міжнародным эканамічным форуме «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы», які праходзіць у Віцебску, прымаюць удзел дэлегацыі з Кітая, Узбекістана, дзесяці рэгіёнаў Расіі, супрацоўнікі дыпламатычнага корпуса Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, В'етнама, Ірана, Пакістана, прадстаўнікі бізнесу з Індыі, Ірана, Турцыі.
Яны зацікаўлены ў наладжванні цесных кантактаў з прадпрыемствамі і бізнесам Віцебскай вобласці. Дзелавую сустрэчу з гасцямі правёў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
– Гэты форум, хоць і рэгіянальны, набыў міжнароднае гучанне, – падкрэсліў кіраўнік вобласці, падзякаваўшы гасцям за візіт на мерапрыемства. – Мы ставілі яго мэтай не толькі паказаць свой рэгіён, свае магчымасці, а для гэтага ў прэзентацыйнай выставе ўдзельнічаюць больш за 100 арганізацый, прадстаўлены ўсе, а менавіта 21 раён нашай вобласці, а таксама гарады Віцебск і Наваполацк. Таму кожны па сваіх інтарэсах знойдзе партнёраў для супрацоўніцтва.
Але самая галоўная задача, якую вырашае форум, – зносіны гасцей паміж сабой, з прадстаўнікамі нашых прадпрыемстваў і арганізацый, чыноўнікамі. Вы наладзіце цёплыя, сяброўскія адносіны, якія могуць быць трывалай асновай для далейшага развіцця бізнесу, праектаў, супрацоўніцтва.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by