У Віцебску падвялі вынікі грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Марафон памяці»
У Віцебску падвялі вынікі грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Марафон памяці». Капсулу часу – сімвал акцыі «Марафон памяці» – кадэцкае вучылішча перадало гімназіі № 5 Віцебска імя Героя Савецкага Саюза Івана Люднікава.
На абласным форуме навучэнцаў «Памяць пра мінулае – крок у мірную будучыню», які прайшоў на базе абласнога палаца дзяцей і моладзі, назвалі імёны пераможцаў грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Марафон памяці», якая стартавала зімой гэтага года. Папярэднічала мерапрыемству прэзентацыя інтэрактыўных пляцовак музеяў устаноў адукацыі Віцебшчыны.
Грамадзянска-патрыятычная акцыя «Марафон памяці» прысвечана Году міру і стваральнай працы, асноўная яе мэта – выхаванне грамадзянскіх і патрыятычных якасцей у навучэнцаў, захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа, а таксама ўшанаванне імёнаў знакамітых землякоў і абаронцаў Айчыны.
Удзельнікі марафону – выхаванцы дзіцячых садкоў, школьнікі і навучэнцы сярэдне-спецыяльных устаноў адукацыі. Акцыя выклікала ў моладзі непадробную цікавасць і жаданне далучыцца да гісторыі роднай краіны. У межах рэгіянальнага этапу ва ўстановах адукацыі прайшоў комплекс мерапрыемстваў па тэматычных напрамках. За гэты час праведзены і падрыхтаваны дзясяткі даследчых работ, відэаролікаў пра землякоў, якія абаранялі нашу Радзіму ў гады вайны, распрацаваны турыстычныя маршруты па мясцінах баявой славы і многае іншае.
– Хацеў бы падзякаваць усіх за праведзеную працу, якую на працягу некалькіх месяцаў вы праводзілі ў межах акцыі «Марафон Памяці», – падкрэсліў, вітаючы прысутных, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. – У гэтыя дні нямала слоў сказана пра значнасць гістарычнай памяці, але гэтых слоў шмат не бывае. Наш народ заслужыў, каб гісторыя і памяць жылі. Гэта фундамент, на якім будуецца наша дзяржава. Важна, што і вы нясеце і захоўваеце гэту праўду. Ад усёй душы жадаю вам мірнага неба, стваральнай працы, добрай вучобы. Вы павінны стаць пісьменнымі спецыялістамі для таго, каб наша краіна і далей квітнела.
Пра важнасць захавання імёнаў герояў, старонак вайны гаварылі намеснік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімір Гук, старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргей Дзянісаў, ветэран пошукавага руху, член міжнароднай асацыяцыі «Народная памяць аб абаронцах Айчыны» Ларыса Бруева. Кожны з іх жадаў хлопцам і іх настаўнікам мірнага неба, здароўя, поспехаў ва ўсіх добрых пачынаннях. Ганаровыя госці перакананыя, што ўдзел у «Марафоне памяці» дапаможа школьнікам больш глыбока вывучыць і адчуць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
– Сёння мы падводзім вынікі і ставім фінальную кропку ў «Марафоне памяці», але не ў той працы, якую праводзім, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. – Мабыць, рэалізуючы ініцыятыву ў адной з навучальных устаноў горада, арганізатары гэтага марафону і не думалі, што праз паўгода мы будзем праводзіць вялікае абласное мерапрыемства, бо ініцыятыву падтрымлівалі раён за раёнам. Хочацца, каб кожны з нас памятаў, якой цаной нашым дзядам і прадзедам дастаўся мір. І толькі ад нас залежаць далейшы лёс краіны і мір на нашай зямлі.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by