Стало известно о ключевых мероприятиях Дня белорусской письменности в Городке

Стала вядома пра ключавыя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства ў Гарадку

Міністр інфармацыі Уладзімір Перцоў падчас правядзення першага пасяджэння па падрыхтоўцы і правядзенні 30-га Дня беларускага пісьменства 3 верасня распавёў аб ключавых мерапрыемствах свята.

Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2023 годзе вызначаны Гарадок Віцебскай вобласці. Асноўнай тэмай свята ў Год міру і стваральніцтва, абвешчаны ў Рэспубліцы Беларусь, плануецца вызначыць трыццацігоддзе Дня беларускага пісьменства, распавёў Уладзімір Перцоў. "Сімвалічна, што гэты юбілей адзначаецца на Віцебскай зямлі, бо яна дала асноўны імпульс развіцця беларускага кнігадрукавання. Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сымон Полацкі, Васіль Цяпінскі - яны ўсе выхадцы Віцебскай зямлі. Таксама падчас Дня беларускага пісьменства 2023 года знойдуць сваё адлюстраванне юбілей беларускага савецкага пісьменніка, перакладчыка і драматурга Янкі Маўра (сёлета адзначаецца 140 гадоў з дня яго нараджэння), стварэнне паэмы "Тарас на Парнасе" ўраджэнцам Гарадоцкага раёна Канстанцінам Вераніцыным, а таксама гісторыя, культура і традыцыі Гарадоцкай зямлі", - распавёў міністр. З улікам гэтых тэм Міністэрства інфармацыі сумесна з Міністэрствам культуры прапрацоўваюць кандыдатаў на ролю галоўнага рэжысёра мерапрыемства.

Па словах Уладзіміра Перцова, адметнай асаблівасцю святкавання 30-га Дня беларускага пісьменства могуць стаць тэматычныя выставы гарадоў, дзе раней праводзілася свята. Таксама плануецца выстава, якая акумулюе шматлікія экспанаты па гісторыі, культуры і традыцыях міралюбства Беларусі, сабраная больш чым у 40 кнігах гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.

Традыцыйна ў рамках свята пройдуць урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія", міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя "Гарадоцкія чытанні" сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, фінал дзіцячага конкурсу "Жывая класіка" сумесна з Міністэрствам адукацыі і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне". У межах свята пройдзе і навукова-асветніцкая канферэнцыя "Дарога да святыні".

Міністэрствам інфармацыі будзе арганізавана праца Фестывалю кнігі і прэсы і экспазіцыі выдавецкага дома "Беларусь сёння", выдавецкага дома "Звязда", ААТ "Белкніга", РУП "Белсаюздрук", продаж кніг беларускіх выдавецтваў, папярова-белавых і сувенірных вырабаў, у тым ліку з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь.

Да свята будуць распрацаваны і прадстаўлены на зацвярджэнне аргкамітэта эскізы афармлення галоўнай сцэны Фестывалю кнігі і прэсы, друкаванай прадукцыі, запрашэння, канвертаў, афішы, плакатаў, пропускаў на транспарт, запрашэнняў на трыбуну гледачоў і гэтак далей. Запланаваны выпуск тэматычных друкаваных выданняў, прысвечаных Гарадку і Гарадоцкаму раёну.

Акрамя гэтага, будзе аказана садзейнічанне Гарадоцкаму райвыканкаму ў распрацоўцы эскізаў святочнага афармлення горада ў адзіным мастацкім стылі свята. Будзе арганізавана акрэдытацыя журналістаў, а ў сродках масавай інфармацыі - забяспечана шырокае асвятленне ходу падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства.

"З улікам станоўчай практыкі арганізацыі і правядзення гэтага свята ў папярэдні год і з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання адміністрацыйных арганізацыйных фінансавых рэсурсаў, а таксама ўлічваючы аддаленасць Гарадка, прапануецца разгледзець магчымасць правесці ўрачыстую цырымонію адкрыцця Дня беларускага пісьменства ў суботу, 2 верасня. Гэта дазволіць планаваць праграму свята наступным чынам. Дзень беларускага пісьменства адкрываецца ў суботу, пачынаецца праца выставачных і гандлёвых павільёнаў Фестывалю кнігі і прэсы, а галоўная сцэна стане пляцоўкай правядзення асноўнага урачыстага мерапрыемства - адкрыцця свята ў найбольш выйгрышны час з пункту гледжання выкарыстання тэхнічных сродкаў, а таксама для якаснай тэлевізійнай трансляцыі. У нядзелю ва ўзаемадзеянні з Віцебскім аблвыканкамам плануецца правесці канцэртную праграму, у рамках якой адбудзецца цырымонія перадачы вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства 2024 года і іншых мерапрыемстваў", - выказаў прапанову Уладзімір Перцоў.

"БЕЛТА"

Крыніца: vitebsk-region.gov.by

Стала вядома пра ключавыя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства ў Гарадку