Верхнядзвінскі раён — адзін з маляўнічых куткоў Рэспублікі Беларусь. Мяжуе з Латвійскай Рэспублікай (25 км да мяжы) і Расійскай Федэрацыяй (40 км да мяжы), а таксама з суседнімі раёнамі нашай рэспублікі – Міёрскім (30 км.), Полацкім (60 км.) і Расонскім (60 км.).
Раённы цэнтр — горад Верхнядзвінск. Знаходзіцца на адлегласці 171 км ад г. Віцебска, 294 км ад г. Мінска, 667 км ад г. Масквы, 327 км ад г. Рыга.
Па тэрыторыі раёна праходзіць участак Беларускай чыгункі Віцебск - Полацк - Бігосава - Даўгаўпілс і аўтадарог Р-20 (Латвійскі кірунак), Р-117 (Расійскі кірунак).
Плошча раёна — 2136 кв. км.
Колькасць насельніцтва (па стане на 01.01.2025) складае 18 305 чалавек. У склад раёна ўваходзяць г. Верхнядзвінск, г.п Асвея, 251 сельскі населены пункт.
Запасы торфу, глін, даламітызаваных вапнякоў, будаўнічыя пяскі, сапрапелі, мінеральная вада складаюць багацці нашых нетраў. Раён мае абшырныя лясныя рэсурсы. Агульны запас лясной драўніны складае 196,1 тыс. куб.м. у год. Лясы займаюць плошчу 90,2 тыс. га – больш за 40 працэнтаў тэрыторыі Верхнядзвіншчыны.
Па гушчыні рачной сеткі раён уваходзіць у лік першых у Рэспубліцы Беларусь. Тут працякае рака Заходняя Дзвіна з шматлікімі прытокамі. З 30 азёр самае вялікае – Асвейскае – па велічыні займае другое месца ў Беларусі, з найбуйнейшым у краіне востравам і плошчай 5,3 тыс. га.
Вядучая роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы, у якой занята больш за 2 тысячы чалавек. У аграпрамысловым комплексе сфарміравана сучасная матэрыяльна-тэхнічная і сацыяльная база, створана 10 аграгарадкоў. Разам з дзяржаўнай і кааператыўнай формамі ўласнасці развіваецца фермерства. Раён займаецца вытворчасцю збожжа, бульбы, алею насення рапсу, ільнапрадукцыі, малака, мяса буйной рагатай жывёлы.
Прамысловы комплекс раёна прадстаўляюць 4 прамысловыя прадпрыемствы: (ААТ «Інвет», ААТ «Верхнядзвінскі льнозавод», ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», Верхнядзвінскае ГРУПП ЖКГ).